narushok (narushok) wrote in haze_org,
narushok
narushok
haze_org

“КНЯЗЬ МЫШКІН” СЬВЯТКУЕ 20 ГОД!

Група інтуітыўнае імправізацыі “Князь Мышкін” рыхтуецца адзначыць 5 красавіка ў Менску свой дваццацігадовы юбілей са шматлікімі гасьцямі ды сюрпрызамі.

З гісторыі
Гурт “Князь Мышкін” нарадзіўся у постперабудовачны час у 1991 г. – на піку найбольш прадуктыўнага пэрыяду для беларускага авангарду, які болей не паўтараўся. Стваральнікамі ўнікальнага бэнду сталі гітарыста Лявон Нарушэвіч і бубнач Юры Паўлоўскі, які й прыдумаў назоў. За 20 год гэтую музыку чулі жыўцом у розных кутках Беларусі і краінах Эўропы, у межах фэстаў і выстаў, канцэптуальных сольных выступаў, тэатральных пастановак і кінапраектаў. За плячыма – незьлічоная колькасьць альбомаў і асобных кампазыцыяў, што выдаваліся на айчынных і замежных лэйблах. Цяпер амаль усе рэчы можна адшукаць у Сеціве. Праз гурт прайшлі дзесяткі выбітных людзей, часта зьмяняўся інструмэнтальны склад, але КМ ня здраджваў абранай стылістыцы – інтуітыўнай імправізацыі. За што й быў ўзнагароджаны адмысловай прэміяй на “Рок-каранацыі-2009”.

Пра стылістыку
“Князь Мышкін” выкарыстоўвае рэдкі мэтад у межах Беларусі й ня толькі: усе творы нараджаюцца апэратыўна й спантанна, тут і зараз, праз узаемадзеяньне музыкаў і слухачоў, а таксама пад уплывам мейсца, дзе адбываецца канцэрт. Пры тым у лепшых выпадках кампазыцыі гучаць нібы завучаныя па нотах. Дзіўныя гармоніі, мэлядычныя падарожжы, нечаканыя дысанансы… Крытыкі адзначаюць, асаблівую шчырасьць гэтых імправізацыяў.

20-годзьдзе
5 красавіка падчас сьвяткаваньня юбілею сярод іншага можна будзе пачуць КМ узору 90-ых зь Юрыем Паўлоўскім на бубнах і Яўгенам Хітраком на флейце, а таксама сучасны склад з Уладзімерам Краўчанкам і Віктарам Сямашкам. Плянуюцца супольныя імправізацыі са слаўнымі гасьцямі ў розных камбінацыях, сольныя нумары, нечаканыя экспэрымэнты й подзьвігі. Дзея будзе складацца зь дзьвюх адзьдзяленьняў.

Трохі пра ўдзельнікаў
Zartipo – у авангардова-рокавым праекце Андрэя Іванова Лявон Нарушэвіч граў напрыканцы 80-ых. Кажуць, імя групы прыдумаў Лявон Вольскі.
Валеры Башкоў – басіста-віртуоз, таксама граў у Zartipo і запісаў некалькі праграмаў з “Князем Мышкіным”.
Іван Кірчук – лідэр Этна-трыё “Троіца” – некаторы час выступаў з КМ і удзельнічаў у запісе трох альбомаў групы.
Аляксандар Софікс – бубнач і электронны кампазытар з Гомелю, неаднойчы меў справу з КМ напрыканцы 90-ых.
Ірэна Катвіцкая – вакалістка группы Akana, яе голас гучыць у сьвежым альбоме КМ “Perypetyi”.
Максім Вельветаў – гітарыста кампазытарскае суполкі “Рацыянальная дыета”.
“Балцкі Субстрат” – новае ўтварэньне, для якога гэта будзе адзін зь першых выступаў, гурт прадставіць гумарыстычнае прысьвячэньне КМ.
“Нагуаль” – вядомыя этна-сюрэалісты рыхтуюць адмысловы выступ са скрыпкай ды акардэонам.
Віктар Жыбуль і Вера Бурлак – унясуць паэтычную нотку у агульную авангардовую сымфонію.

Калі й дзе
Канцэрт у гонар юбілею “Князя Мышкіна” распачнецца 5 красавіка а 19-ай гадзіне ў малой залі к/з “Мінск”. Кошт квіткоў – ад 20 000 да 40 000 р. Кантактныя тэлефоны: 8-029-6715865, 8-029-2544909. Будзе лепей, калі вы набудзеце квіткі загадзя. Да сустрэчы!
PS: Дадатковая юбілейная імпрэза КМ пройдзе 24 траўня ў клюбе “Лісіная нара”.

Кастусь Крэйда

mishkin@list.ru
myspace.com/knyazmishkin1
www.facebook.com/leonid.narushevich
Subscribe
  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic

    Your IP address will be recorded 

  • 0 comments